«250»: праект-прысвячэнне Міхалу Клеафасу Агінскаму

 

«250» — праект, які быў рэалізаваны ў год юбілею вядомага кампазітара і дзяржаўнага дзеяча. Яго аўтары аб'ядналі творчых людзей, каб аддаць даніну памяці славутаму земляку. Праект пакліканы абудзіць у гледача цікавасць да ўласнай гісторыі, гісторыі свайго краю, сваёй краіны.

 

Народжаны ў адным з самых уплывовых родаў Рэчы Паспалітай — Агінскіх (па сваёй магутнасьці ён не саступаў Сапегам і Радзівілам), Міхал Клеафас марыў служыць сваёй краіне і людзям, і пражыў вельмі насычанае жыццё. Магчыма, менавіта па гэтай прычыне сучаснікам складана адназначна меркаваць аб поглядах і ўчынках Міхала Клеафаса. Ён быў паспяховым палітыкам і дыпламатам, які вёў стратэгічна важныя перамовы з кіраўнікамі дзяржаў свайго часу; рэвалюцыянерам і палітычным эмігрантам, які жыў па падробленых пашпартах і хаваўся ад арыштаў; багатым спадчыннікам і страціўшым маёмасць уцекачом; чалавекам, які страціў сям'ю, і знайшоў у сабе сілы стварыць новую; кампазітарам, арыстакратам, чалавекам, адданым сваёй Радзіме, але пахаваным за тысячы кіламетраў ад яе — у фларэнтыйскім саборы "Санта Крочэ", побач з Мікеланджэла, Макіявелі, Галілеа і Расіні.

 

У праекце прадстаўлены работы скульптара Алы Савашэвіч, фатографаў Івана Бесера, Андрэя Давыдчыка і Міхаіла Лешчанкі, рэжысёра Максіма Сірага і музыкаў Лявона Вольскага, ili-ili, Зміцера Вайцюшкевіча, Naka, Алега Хаменкі, Уладзіміра Пугача, Сяргея Пукста, RockerJoker, Aтмараві.

 

Працоўная група праекта «250»: Андрэй Ісачэнка, Максім Сіры, Вольга Мжэльская.


View Map in a larger map